УНІТА́РНАЯ СІМЕТРЫ́Я, SU(3)-сіметрыя,

прыблізная сіметрыя моцных узаемадзеянняў элементарных часціц, якая адлюстроўвае наяўнасць аднолькавых уласцівасцей у розных групах адронаў. Ляжыць у аснове класіфікацыі адронаў.

Паводле У.с. часціцы з рознымі значэннямі ізатапічнага спіну і дзіўнасці, але з аднолькавымі спінамі, цотнасцю і інш. квантавымі лікамі, аб’ядноўваюцца ў т.зв. унітарныя мультыплеты. На падставе тэарэтыка-групавой і фіз. інтэрпрэтацыі У.с. ўзнікла гіпотэза пра існаванне кваркаў як структурных элементаў адронаў, што пацверджана эксперыментальна. Улік новых квантавых лікаў адронаў (кваркаў) прывёў да абагульнення У.с. [SU(6)-сіметрыі]. Акрамя азначанай У,с. былі ўведзены спец. (лакальныя) унітарныя пераўтварэнні SU(3)-сіметрыі інш. фіз. прыроды, якія адлюстроўвалі характэрную для кваркаў дынамічную (калібровачную) сіметрыю, што выкарыстана пры пабудове квантавай хромадынамікі.

Літ.:

Богуш А.А. Очерки по истории физики микромира. Мн., 1990.

А.​А.​Богуш.

т. 16, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)